РУС БЕЛ ENG

Весела. Смачна. Па-беларуску

26.10.2024
Восень - час стракатых фарбаў і крыку адлятаючых птушак, час збору ўраджаю і падвядзення вынікаў сельскагаспадарчай працы, час творчасці, бо сама прырода натхняе беларусаў песнямі і танцамі праслаўляць працаўнікоў вёскі.

 У апошні дзень першай чвэрці ў Зенькавіцкай базавай школе шыкоўна святкавалі “Дзень ўраджаю”. Падрыхтавалі яго члены  савета школьнага музея і яго кіраўнік Тоўстая Л.М. А ўдзел прынялі ўсе вучні школы, педагогі, нават мамы і бабулі, работнікі сельскага дома культуры і бібліятэкі. Святочная праграма з вершамі, песнямі, танцамі, інсцэніроўкамі казак падняла настрой усім прысутным. Паспрабавалі сябе ў ролі артыстаў удзельнікі музычнага аўкцыёну. Вясёлыя меладычныя песні падпяваў увесь зал.

Залатая пара парадавала багатым ураджаем садавіны і агародніны, што было відаць па фотазоне, дзе красаваліся спелыя яблыкі і грушы, бурачкі і капуста, морква і цыбуля, памідоры і агуркі. Не абышлося без вялікіх гарбузоў і кансерваваных гатункаў. Асобая пашана на свяце гучала хлебу і бульбе, без якіх не абыходзіцца ні адзін стол у беларускіх сям'ях.

Не меней вясёлай і “смачнай” была другая частка мерапрыемства – “Восеньскі кірмаш”. Школьнікі разам з бацькамі падрыхтаваліся на славу. Прыгожа аздобленыя сталы былі з густам накрыты кожным класам школы. І якіх толькі пачастункаў на іх не было: тарты, пірагі, бісквіты, пірожныя, кексы, вафлі, семкі гарбузоў. Не абышлося без смачных самаробных цукерак і жэле. А школьны повар спякла смачны торт. Класныя кіраўнікі дапамагалі рабятам распрадаваць прысмакі. Гандаль ішоў заўзата, бо было шмат пакупнікоў.

У выніку – звонкі смех рабят, задаволеныя твары бацькоў і аптымізм у вачах педагогаў, бо маладое пакаленне ведае беларускія традыцыі і шануе нашу спадчыну.