БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ ГУЛЬНІ,
ЯКІЯ РАЗВІВАЮЦЬ ФІЗІЧНЫЯ ЗДОЛЬНАСЦІ ДЗЯЦЕЙ
Гульня – асноўная форма дзейнасці дзяцей, змест іх жыцця. У гульнях яны мацнеюць фізычна, духоўна, вучацца разумець навакольны свет, узаемадзейнічаць у калектыве.
Беларускія народныя гульні – рухавыя. Яны вызначаюцца багаццем разнастайных уздзеянняў на арганізм дзяцей, фарміруюць у іх неабходныя фізічныя навыкі: ўдасканальваюць навыкі бегу (з лоўляй і ўхіленнем, у розных напрамках, са зменай тэмпу), хадзьбы па крузе, скачкі, практыкуюць ва ўменні ўзгадняць рухі са словамі; развіваюць спрыт, хуткасць, настойлівасць; выхоўваюць пачуццё павагі да традыцыйных беларускіх святаў, пачуццё калектывізму, узаемадапамогі.
Народныя гульні ў комплексе з іншымі выхаваўчымі сродкамі з’яўляюцца асновай для фарміравання ў дзяцей неабходных фізічных якасцей і навыкаў, выхавання ў іх нацыянальнай самасвядомасці і цікавасці да гісторыі і культуры свайго народа. Беларускія народныя гульні таксама садзейнічаюць працэсу разумення і авалодвання беларускай мовай, выкарыстанню трапных выразаў у паўсядзённым жыцці. Беларускія народныя гульні шырока выкарыстоўваюцца у фізічным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту: на занятках, на святах, ранішніках. Яны садзейнічаюць ўсебаковаму развіццю дзіцяці ў працэсе выкарыстання народных педагагічных традыцый і сучасных падыходаў да выхавання і аздараўлення дзяцей.
Першая малодшая група:
БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ ГУЛЬНІ: "Зайчык", "Прэла-гарэла", "Маша", "Лясь-лясь, уцякай" і інш.
Другая малодшая группа:
БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ ГУЛЬНІ: "Грушка", "Вожык i мышы", "Надзейка", "Адгадай, чый галасок" і інш.
Сярэдняя група:
БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ ГУЛЬНІ: "Птушкi ляцяць", "Мак", "Сонейка", "Шэры кот", "Вартаўнiк", "Хворы верабей", "Мароз", "Вузельчык", "Агароднiк", "Што робiш?", "У хованкi", "Млын", "Дзядуля-ражок", "Свабоднае месца", "Сляпы музыкант", "Чараўнiк", "Схавай рукi!", "Нос, нос, нос, лоб" і інш.
Старэйшая група:
БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ ГУЛЬНІ: "Замарожаныя", "Блiн гарыць", "Лыка", "Пераскоч гару", "Каза", "Iванка", "У зайца", "Садзi лянок", "Мянькi", "Рэдзька", "Вядзьмар", "Шавец", "Падсякалка", "Мяч у домiку", "У фарбы", "У млын", "Пляцень", "Змяя", "Гарачае месца", "Штандар, стой!", "Гусi-лебедзi i воўк", "Церамок" і інш.
БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ ГУЛЬНІ
Гульня-спаборніцтва «ЧЫЙ КРУГ, КАЛЯ СНАПА ХУТЧЭЙ ЗБЯРЭЦЦА»
Узрост: сярэднi, старэйшы
Задачы: развіваць уменні бегу ў розных напрамках, хуткасць рэакцыі, спрыт; выхоўваць пачуццё калектывізму
Абсталяванне: 3—4 снапы
Апісанне гульні
Па зале ставяцца некалькі снапоў, вакол іх становяцца дзеці, узяўшыся за рукі. Пад беларускую народную мелодыю ўсе разбягаюцца па зале і выконваюць розныя танцавальныя рухі. Па заканнэнні мелодыі трэба хуценька сабрацца ля свайго снапа. Пераможцам з'яўляецца тая каманда, якая выканае задане першай.
Гульня «ЛЯНОК»
Узрост: старэйшы
Задачы: практыкаваць ваўменні ўзгадняць рухі са словамі песні; выхоўваць пачуццё калектывізму
Абсталяванне: хустка для бабулі
Апісанне гульні
3 ліку ўдзельнікаў гульні выбіраецца бабуля. Астатнія становяцца ў круг і пытаюцца:
— Што ты, бабуля, нам прасці дасі?
Бабуля выходзіць у цэнтр круга і адказвае:
— Старым бабулькам — воўны пасмачку, а прыгожым маладзічкам — белы лянок!
Пасля гэтага дзеці разам з бабуляй пачынаюць спяваць, паказваючы рухамі дзеянні, пра якія гаворыцца ў песні:
А мы сеялі, сеялі лянок,
Белы, слаўны кужалёк!
Урадзіся, наш лянок!
Урадзіся, кужалёк!
Мы лянок ірвалі, выбіралі,
У снапочкі збіралі,
Малацілі, абівалі,
У полі слалі,
Урадзіўся лянок,
Белы, слаўны кужалёк!
Правілы гульні: дзеці павінны дакладна выконваць дзеянні, якія паказвае бабуля.
Гульня «КОШКА I МЫШКА»
Узрост: сярэднi, старэйшы
Задачы: развіваць хуткасць рэакцыі; выхоўваць пачуццё калектывізму
Матэрыял: маскі кошкі і мышкі
Апісанне гульні
Па лічылцы дзеці выбіраюць кошку і мышку. Усе астатнія, узяўшыся за рукі, становяцца ў круг. Круг размыкаюць у двух месцах, утвараючы вароты. Мышка знаходзіцца ў крузе, а кошка — па-за кругам. Па сігнале кошка пытаецца злавіць мышку. Кошка можа трапіць у круг толькі праз вароты. Мышка бегае, дзе хоча, пралазіць пад рукамі дзяцей. Калі кошка зловіць мышку, яны мяняюцца ролямі
Правілы гульні: кошка і мышка павінны часта мяняцца ролямі.
Гульня «АГАРОДНІК»
Узрост: сярэднi,старэйшы
Задачы: удасканальваць навыкі хадзьбы па крузе, бегу са зменай тэмпу і напрамку; развіваць увагу
Абсталяванне: не патрабуецца
Апісанне гульні
Кожны з дзяцей называе сябе якой-небудзь агароднінай (рэпай, рэдзькай, цыбуляй, морквай, радыскай і г.д.) і становіцца ў круг. Адзін з дзяцей выбіраецца агароднікам. Ён выходзіць на сярэдзіну круга і топае ножкай. У яго пытаюцца:
—Хто там?
—Агароднік!
—Чаго прыйшоў?
—Рэпу ўзяць!
Пасля такога адказу ўсе вядуць карагод і спяваюць:
Зверху рэпа зялёная,
У сярэдзіне тоўстая,
К канцу вострая.
Хавае хвост пад сябе.
Хто да яе не падыдзе,
Усялякі за хвост возьме.
Агароднік павінен адгадаць, хто з дзяцей назваў сябе рэпай. Калі ён адгадае, рэпа ўцякае, інакш агароднік зловіць яе і павядзе ў свой агарод
Правілы гульні: агароднік не павінен ведаць, хто назваўся рэпай; адгадваць ён можа тры разы, калі не адгадае, яго мяняюць.
Гульня “ЛАВІЦЬ КУРЫ”
Узрост: сярэднi, старэйшы
Задачы: удасканальваць навыкі бегу з лоўляй і ўхіленнем; развіваць спрыт, вынослівасць, настойлівасць
Матэрыял: хусцінка або ручнік
Апісанне гульні
Дзеці выбіраюць пеўня, усе астатнія — куры.
Певень расстаўляе рукі і гоніць курэй пад печ:
—Кыш пад печ, кыш пад печ...
Потым певень пытае:
—А колькі вас ёсць?
—Колькі ў лесе дроў!
Куры разбягаюцца, а певень ловіць іх. Пасля ўсе садзяцца на лаву, певень скручвае хустку або ручнік. 3 кожнай курыцай у яго адбываецца размова:
—На чым сядзіш?
—На ганачку.
—За што трымаешся?
—За клямачку.
—А што гэта збоку?
—Бочка.
—А што ў бочцы?
—Мёд.
—А каму есці?
—Мне, а пеўню нос у смале.
Тады певень б'е курыцу, тая ўцякае і хаваецца. Калі ж курыца на пытанне «Каму есці?» адказвае: «Певень, для цябе мядок», — ён яе не чапае, а пераходзіць да наступнай
Правілы гульні: певень павінен лавіць курэй на абмежаванай плошчы.
Гульня «КАЛЯДА»
Узрост: сярэднi, старэйшы
Задачы: развіваць фізічныя здольнасці, кемлівасць, знаходлівасць, уменне пераўвасабляцца; выхоўваць пачуццё павагі да традыцыйных беларускіх святаў, пачуццё калектывізму
Абсталяванне: розны фізкультурны інвентар
Апісанне гульні
3 ліку ўдзельнікаў гульні выбіраецца Каляда і старэйшы. Дзеці ўтвараюць паўмесячык, кожны трымае ў руках падарунак (цацкі, малюнкі...) Калядзе.
Старэйшы прамаўляе:
Ехала Каляда з Полацка
У маляваным вазочку,
На вараненькім канёчку,
Заехала Каляда...
Старэйшы называе імя ўдзельніка гульні. Каляда пытаецца ў яго, напрыклад: «Васіль, Васіль, што падаруеш Калядзе?». Дзіця называе свой падарунак і аддае яго Калядзе. Каляда гаворыць: «Дзякуй табе за твой добры падарунак». (Можна прапанаваць дарыць Калядзе “фізкультурныя” падарункі» — розныя практыкаванні.) Гэтак называецца імя кожнага ўдзельніка гульні. Напрыканцы Каляда прамаўляе: «А зараз я зраблю вам такі падарунак, які ні за золата, ні за грошы не купіш. Адгадайце, што гэта?». Дзеці пачынаюць адгадваць. А Каляда гаворыць: "Давайце праспяваем калядную песню. Яе за грошы не купіш!" Дзеці спяваюць калядную песню, Каляда скача, падбіраючы пад мелодыю розныя рухі.
Гульня «КАЗЁЛ»
Узрост: сярэднi, старэйшы
Задачы: садзейнічаць стварэнню добрага настрою, развіваць маўленне дзяцей у дыялогу; выхоўваць спрытнасць, хуткасць рэакцыі
Абсталяванне: маска казла
Апісанне гульні:
3 ліку ўдзельнікаў гульні выбіраюцца казёл і дзед. Казёл не павінен ведаць, хто з удзельнікаў гульні абраны на ролю дзеда. Дзеці утвараюць паўмесячык, у сярэдзіне якога стаіць казёл, і вядуць дыялог.
Дзеці. Дзе ты хадзіў, казёл? Дзе бадзяўся, казёл?
Казёл. Хадзіў я па лясах, па палях.
Дзеці. Чаму цябе там ваўкі не з’елі?
Казёл. Не баюся я ні ў лесе ваўкоў,
Hi ў полі стральцоў.
Толькі баюся старога дзеда.
Пасля гэтых слоў дзеці моцна рамаўляюць: «Дзед, лаві казла!». Дзед пачынае лавіць казла, які імкнецца дабегчы да вызначанай мяжы. Калі дзед зловіць яго, то будзе выконваць ролю казла, калі не — выбіраецца новы дзед. Перад гульнёй пазначаецца мяжа, за якой казёл будзе ў небяспецы.
Гульня «МЯДЗВЕДЗЬ»
Узрост: старэйшы
Задачы: развіваць фізічныя здольнасці, кемлівасць, знаходлівасць; выхоўваць пачуццё калектывізму
Абсталяванне: шапка і вяроўка для мядзведзя, шапка важака, бубен
Апісанне гульні
Выбіраецца мядзведзь (мішка), важак, музыка. Узяўшыся за рукі, дзеці ўтвараюць паўмесячык. Важак прыводзіць мядзведзя ў памяшканне і вядзе яго да дзяцей. Побач стаіць музыка з бубнам. Важак прамаўляе:
— Мішка, павесялі народ! Пакажы нам, як жанчыны хлеб месяць.
Мішка паказвае. Дзеці паўтараюць усе яго рухі.
— Пакажы, як яны ідуць на поле працаваць?
Мішка ледзь ідзе, спыняецца, слухае, углядаецца ў неба, нюхае (дзеці робяць тое самае).
— Ну-ка, мішка, пакажы, як яны ідуць з поля дадому.
Мішка ідзе хутка, нават подбегам.
— Пакажы, як мужык дровы коле. Як касу нясе. Як косіць і г.д.
Важак прамаўляе:
—Дзякуй, мішка, павесяліў народ. Пайшлі.
Хоча вывесці мядзведзя, але той не ідзе, упіраецца.
—Дзеці, мішка вельмі любіць вясёлыя народныя гульні.
Мядзведзь і важак становяцца ў круг, вызначыўшы новага важака і мядзведзя. Кожны важак і мядзведзь уносяць новыя элементы ў гульню. Для таго каб дзеці развівалі творчую фантазію, можна прапанаваць ім загадзя размеркавацца па парах і прадумаць новыя дзеянні.
Гульня «ЖУРАВЕЛЬ»
Узрост: старэйшы
Задачы: практыкаваць ва ўменні трымаць раўнавагу; развіваць спрыт, увагу; выхоўваць хуткасць рэакцыі
Абсталяванне: «масток» (даўжыня 2—3 м), шапка жураўля
Апісанне гульні
Сярод удзельнікаў гульні выбіраецца журавель (хлопчык) ці жураўка (дзяўчынка). Дзеці па парах (пажадана, каб у пары былі хлопчык і дзяўчынка) становяцца паўмесяцам. Узяўшыся за рукі, яны падымаюць то правую, то левую нагу (імітуюць рухі жураўля). Журавель на некаторай адлегласці (3—4 м) важна ходзіць па «балоце».
Дзеці гавораць спакойна:
Як павадзіўся журавель
Да нашых канапель.
Такі-такі чубаты,
Такі-такі насаты!
Потым усе моцна прамаўляюць: «Хапай, журавель!» і першая пара хутка бяжыць па масточку цераз «балота». Журавель павінен дакрануцца рукой да дзяўчынкі, а калі жураўка — то да хлопчыка. Калі жураўлю пашанцуе, на яго месцы застаецца той, хто застаўся без пары. Гульня працягваецца.
Перад гульнёй пазначаецца «балота» і «масток» (даўжынёй 2—3 м).
Гульня «ПРЭЛА-ГАРЭЛА»
Узрост: сярэднi, старэйшы
Задачы: развіваць хуткасць рэакцыі, кемлівасць, спрыт, уменне дзейнічаць па сігнале
Матэрыял: цацкі
Апісанне гульні
Да пачатку гульні выхавальнік у розных месцах пляцоўкі хавае цацкі. Дзеці становяцца ў круг і гавораць наступныя словы:
Прэла-гарэла,
За мора ляцела,
А як прыляцела,
Дзе-небудзь села.
Хто першы знойдзе,
Той сабе возьме.
Пасля гэтага яны разбягаюцца па пляцоўцы і шукаюць схаваныя цацкі.
Правілы гульні: дзеці не павінны бачыць, куды выхавальнік хавае цацкі. Пераможцам лічыцца той, хто болыш іх знойдзе.
Гульня «ЗАМАРОЖАНЫЯ»
Узрост: сярэднi, старэйшы
Задачы: удасканальваць навыкі бегу пры змяненні тэмпу і напрамку; выхоўваць смеласць
Абсталяванне: не патрэбна
Апісанне гульні
Дзеці выбіраюць Дзеда Мароза па лічылцы:
Дзед Мароз, Дзед Мароз
Бабу снежную прынёс.
Баба, баба, снегавуха,
Не хапай мяне за вуха!
I разбягаюцца па пляцоўцы. Дзед Мароз бяжыць за імі і імкнецца дакрануцца да каго-небудзь рукой, замарозіць. Замарожаны павінен спыніцца і расставіць рукі ў бакі. Гульня заканчваецца, калі будуць замарожаны ўсе дзеці. Затым выбіраюць новага Дзеда Мароза і пачынаюць гульню спачатку.
Правілы гульні: замарожанае дзіця павінна расставіць рукі ў бакі і не рухацца.
Гульня «ЗАЙЧЫК»
Узрост: сярэднi, старэйшы
Задачы: развіваць увагу, спрыт, каардынацыю рухаў, хуткасць рэакцыі
Абсталяванне: шапачка зайца
Апісанне гульні.
Дзеці бяруцца за рукі і ўтвараюць круг. У сярэдзіне — зайчык. Усе спяваюць:
Заінька бялюсенькі,
Заінька шарусенькі!
Праскачы ў дзірачку
Ды не пабі спіначку!
На гэтыя словы зайчык імкнецца выскачыць з круга, але дзеці не пускаюць: хутка прысядаюць, як толькі ён набліжаецца да каго-небудзь з іх.
Пасля гэтага дзеці спяваюць далей:
Заінька, павярніся,
Шэранькі, павярніся!
Тупні ножкай, паскачы
Ды ў далоні запляшчы!
Пры заканчэнні песні ўсе павінны запляскаць у далоні. Гэтым момантам карыстаецца зайка: ён дакранаецца да каго-небудзь з дзяцей і хутка становіцца на яго месца.
Той, хто застаўся без месца, павінен выконваць ролю зайчыка.
Правілы гульні: пры набліжэнні зайчыка ігракі павінны хутка ўзяцца за рукі. Калі яны не паспеюць зрабіць гэтага, той, да каго дакрануўся зайчык, займае яго месца.
Гульня «ХОДЗІЦЬ ЛІСКА ЛЯ ВАКОНЦА»
Узрост: сярэднi, старэйшы
Задачы: удасканальваць навыкі бегу ўрассыпную; развіваць спрыт, арыенціроўку, хуткасць рэакцыі
Матэрыял: маска лісы
Апісанне гульні
Рухі: імітаваць паводзіны і рухі лісы — хадзіць урассыпную, як ліса; уцякаць у «норку» пасля слоў «прэч ад нас».
Ходзіць ліска ля ваконца,
Маніць дзетак каля плетак:
“Ах вы, дзеткі, многа вас”.
Дзеці. Рыжа шапка, прэч ад нас!
Гульня «ГАРЛАЧЫК»
Узрост: сярэднi, старэйшы
Задачы: практыкаваць ва ўменні хутка бегаць, дзейнічаць па сігнале, арыентавацца ў наваколлі; развіваць увагу
Матэрыял: медальёны-гарлачыкі, капялюш
Апісанне гульні.
Дзеці сядзяць у крузе на кукішках — гэта гарлачыкі. Па крузе ходзіць пакупнік. Спыніўшыся каля каго-небудзь, ён пытаецца:
Колькі каштуе гарлачык?
Дзіця адказвае:
За гарлачык гэты
Дай нам зусім крышку:
Каб ніколі не хварэць,
Маннай кашы лыжку.
Пасля гэтых слоў дзіця-гарлачык паднімаецца на ногі і бяжыць па крузе ў адным напрамку, а пакупнік — насустрач яму. Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Той, хто спазняецца, становіцца пакупніком.
Правілы гульні: дзеці павінны бегчы па крузе ў розных напрамках пасля слоў «...маннай кашы лыжку», кожны з іх імкнецца заняць свабоднае месца.
Гульня «ФАРБЫ»
Узрост: старэйшы
Задачы: практыкаваць уменні бегаць з ухіленнем і лоўляй; развіваць памяць, кемлівасць
Матэрыял: каляровая бумага для кожнага ўдзельніка (у кожнага свій колер); адзенне для гаспадара і Несцеркі; абруч (дом для фарбы)
Апісанне гульні
Дзеці выбіраюць гаспадара фарбаў і адгадчыка Несцерку. Усе астатнія — фарбы.
Несцерка адыходзіць убок, а гаспадар і фарбы ціхенька згаворваюцца, хто які колер будзе мець. Назву фарбам можа даваць гаспадар або кожная сама выбірае сабе які-небудзь колер. Гаспадар павінен добра запомніць, які колер мае тая ці іншая фарба.
Калі колеры размеркаваны, фарбы і гаспадар прысядаюць на кукішкі і робяць выгляд, што засынаюць. Тут да іх прыходзіць Несцерка, тупае некалькі разоў нагой і гаворыць:
—Стук-стук!
Гаспадар прачынаецца і пытаецца:
—Хто тут?
—Несцерка!
—Чаго прыйшоў?
—Па фарбу!
—Па якую?
Несцерка называе які-небудзь колер, напрыклад:
—Па сінюю!
Калі такога колеру сярод фарбаў няма, гаспадар гаворыць:
—Такой фарбы ў нас няма!
А ўсе «фарбы» пляскаюць у ладкі і прыгаворваюць:
Пайдзі за сіненькі лясок,
Знайдзі сіні чабаток.
Панасі, панасі
I нам прынясі!
Пасля гэтых слоў Несцерка адыходзіць убок, потым вяртаецца і працягвае з гаспадаром гутарку:
—Стук-стук!
—Хто там?
—Несцерка!
—Чаго прыйшоў?
—Па фарбу!
—Па якую?
—Па белую!
Калі белая фарба ёсць, гаспадар яму гаворыць:
— Ёсць белая фарба, бяры яе!
Фарба ўцякае, а Несцерка яе ловіць.
Правілы гульні: дзіця-фарба павінна бегчы ў загадзя абазначанае месца. Злоўленая фарба наступны раз у гульні ўдзел не прымае.
Гульня “ВОЖЫК І МЫШЫ”
Узрост: малодшы
Задачы: практыкаваць уменні бегаць з ухіленнем
Матэрыял: не патрабуецца
Апісанне гульні
Усе дзеці разам з гульцамі-мышамі становяцца ў круг. Вожык – ў цэнтры круга. Па сігнале ўсе ідуць направа, вожык – налева. Гульцы прагаворваюць словы:
Бяжыць Вожык – тупу-тупы,
Увесь калючы, востры зуб!
Вожык-Вожык, ты куды?
Ад якой бяжыш бяды?
Пасля гэтых слоў усе спыняюцца. Па сігналу да вожыка падыходзіць адзін гулец і кажа:
Вожык ножкамі туп-туп!
Вожык вочкамі луп-луп!
Чуе вожык — усюды ціш,
Чу!.. Скрабецца ў лісце мыш!
Ёж імітуе рухі: асцярожна ходзіць, прыслухоўваецца. Мышы ў гэты час знаходзяцца ў крузе. Вядучы говорыць:
Бяжы, бяжы, вожык,
Не шкадуй ты ножак,
Ты лаві сабе мышэй,
Не лаві нашых дзяцей!
Мышкі бегаюць па крузе, выбягаючы за яго межы. Ёж спрабуе іх злавіць.
Калі мышка злоўлена, яна прысядае і апускае рукі. Усе гульцы павінны аказацца ў мышалоўцы. Такім жа чынам гульня паўтараецца некалькі разоў.
Правілы гульні: усе дзейнічаюць згодна тэксту. Ёж ловіць мышак, слёгку дакрануўшыся да іх рукой. Пасля таго, як усе мышкі злоўлены, мяняецц ёж на другога гульца.
Гульня “ЛІСКІ”
Узрост: малодшы, сярэднi
Задачы: развіваць уменні бегу ў розных напрамках, хуткасць рэакцыі, спрыт
Абсталяванне: цацка птушачкі
Апісанне гульні
Гульцы выбіраюць ліску — ведучага і строяцца па крузе. Ліса падыходзіць да аднаго з гульцоў і гаворыць:
— Дзе быў?
— У лесе.
— Каго злавіў?
— Птушачку.
— Аддай маю птушачку.
— За так не аддаю.
— А за што — скажы сам.
— Як абгоніш, дык аддам.
Пасля гэтага яны бягуць у супрацьлеглыя бакі па крузе. Гаспадаром птушачкі становіцца той, хто займе свабоднае месца ў крузе, ліскай — гулец, які застаўся.
Гульня “ПЯРСЦЁНАК”
Узрост: малодшы, сярэднi, старэйшы
Задачы: удасканальваць навыкі бегу па крузе; развіваць спрыт, хуткасць рэакцыі
Матэрыял: невялікі бліскучы прадмет
Апісанне гульні
Гульцы стаяць па крузе, трымаюць рукі ўперад лодачкай. Выбіраецца адзін вядучы. У руках у вядучага ляжыць невялікі бліскучы прадмет (гэта можа быть фанцік з фальгі). Вядучы ідзе па крузе і кожнаму быцца бы кладзе пярсцёнак у рукі. Пры гэтым ён гаворыць:
Вось па крузе я іду,
Усім пярсценачак кладу,
Мацней ручкі заціскайце
Ды глядзіце, не зявайце.
Аднаму з дзяцей ён незаўважна кладзе пярсцёнак, а потым выходзіць з круга і говорыць: «Пярсценачак, пярсценачак, выйдзі на ганачак!». Той, у каго ў далонях апынецца пярсцёнак, выбягае, а дзеці павінны пастарацца затрымаць яго, не выпусціць з круга.
Правілы гульні: пасля слоў: «Пярсценачак, пярсценачак, выйдзі на ганачак!» — усе гульцы павінны паспець хутка ўзяцца за рукі, каб не выпусціць гульца з пярсцёнкам у руцэ з круга.
Гульня “ЖМУРКІ”
Узрост: малодшы, сярэднi
Задачы: развіваць хуткасць рэакцыі, спрыт, уменне дзейнічаць па сігнале
Матэрыял: павязка на вочы
Апісанне гульні
Гульцы выбіраюць “Ката”, завязваюць яму вочы. Усе астатнія пачынаюць хорам нараспеў размову з катом:
— Кот, кот! На чым стаіш?
— На дубе!
— За што трымаешся?
— За сук!
— Што на суку?
— Вуллі!
— Што ў вуллях?
— Мед!
— Каму ды каму?
— Мне ды сыну майму!
— А нам што?
— Гліны на лапаце!
Тут усе пачынаюць тармашыць ката і пяюць песеньку:
Кот, кот Апанас,
Ты лаві тры годы нас!
Ты лаві тры годы нас,
Не развязваючы глаз!
Як толькі скончылі пець песню – разбягаюцца ў розныя бакі. А кот Апанас пачынае лавіць гульцоў. Усе верцяцца вакол ката, дразняць яго: то дакрануцца да яго пальцам, то тузануць за адзенне.
Правілы гульні: лавіць і разбягацца можна толькі пасля слоў: “Не развязваяючы глаз!”. Той, да каго дакрануўся кот, часова выходзіць з гульні.