РУС БЕЛ ENG

З гісторыі ўстановы адукацыі;

З  ГІСТОРЫІ  ЗЕНЬКАВІЦКАЙ ШКОЛЫ

Гісторыя школы бярэ пачатак з 1903 года, калі ў вёсцы  пачала будавацца царкоўна-прыходская школа. Першай настаўніцай, якая працавала ў новай школе, была Вольга Лісоўская. Потым у школе настаўнічалі дзве дачкі мясцовага святара - Ксенія Васільеўна і Лідзія Васільеўна Даміноўскія. Пазней - Мацвей Ануфрыевіч Мельнікаў. Дзяцей было шмат, прыходзілі нават з вёскі Чурылава. I ўсё ж большасць вучылася дома, хатнім настаўнікам працаваў Пётр Лукіч Ліпай. Пасля заканчэння школы можна было паступаць у Уздзенскае народнае вучылішча.

З 1918   да 1932 год школа заставалася пачатковай,  затым была арганізавана сямігодка. Дырэктарам яе стаў В.А.Караткевіч, настаўнікам матэматыкі – І.А.Козел (загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны), настаўнікам біялогіі – М.А.Варакса, гісторыі – І.Ф.Ус. У 1934 годзе (школа называлася тады няпоўнай сярэдняй або НСШ) былі арганізаваны першыя піянерскія атрады. Арганізатарам піянерскай дружыны была Аронава (вядома толькі прозвішча), якая працавала сакратаром Уздзенскага райкома камсамола. У 1938–1939 гадах для школы ўзвялі аднапавярховы драўляны будынак, але ў  час Вялікай Айчыннай вайны ён быў знішчаны.

У пасляваенны час школьны калектыў узначальвалі Іван Анісімавіч Ефіменка, потым Васіль Карнеевіч Навуменка, Ксенія Мартынаўна Чыкун, Анатоль Іосіфавіч Валахановіч. У 1964 годзе адчыніў дзверы новы школьны будынак, у які дзяцей і педагогаў гасцінна запрасілі дырэктар школы К.І.Шынкарык і завуч школы Л.І.Быліна. У 1979 годзе школе было прысвоена імя Алеся Якімовіча, а ў 1987-ым – адкрыты літаратурна-этнаграфічны музей у гонар пісьменніка-земляка. Вялікі ўклад у гэту справу ўнеслі былы дырэктар нашай школы Быліна Людміла Іванаўна, былы  намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, а зараз кіраўнiк   ДУ “Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Уздзенскага раёна” Казючыц Уладзімір Яўгеньевіч, беларуская паэтэса Эдзі Агняцвет.

Зенькавіцкая школа за гады сваёй дзейнасці выпусціла каля 800 навучэнцаў, каля 20% з іх атрымалі вышэйшую адукацыю, многія сталі педагогамі, медыкамі, іншымі высокакваліфікаванымі спецыялістамі, значная частка якіх працуе ва Уздзенскім раёне. Вядомымі педагогамі, дырэктарамі школ нашага раёна сталі многія настаўнікі, якія пачыналі свой працоўны шлях у Зенькавіцкай СШ. Сярод іх М.М.Мацукевіч, І.М.Меснік, В.І.Ліпай, І.М.Сержан, В.Ф.Шабунька, Ул.Я.Казючыц і інш. Многія вопытныя педагогі Зенькавіцкай школы шмат гадоў аддавалі свае сілы і веды падрастаючаму пакаленню. Гэта І.М.Булат, А.А.Шавель, Г.І.Тоўстая, К.І.Хваль, Л.П.Хваль, В.С.Тоўстая, В.Ф.Махнач, Я.В.Лабецкая, М.М.Белакапыцкая, А.В.Макей, У.А.Германовіч, С.П.Тоўстая, Ф.П.Шымановіч, А.В.Пруднікевіч, А.А.Кучук.

На змену старэйшаму пакаленню педагогаў у канцы 1980-ых гадоў прыйшло новае пакаленне настаўнікаў, якія рупна ўключыліся ў педагагічную дзейнасць, каб прыносіць карысць сваёй Радзіме, даючы неабходныя веды сваім вучня. Гэта С.І.Навакоўскі, Э.Р.Шабан, Л.М. Тоўстая, С.А.Рамановіч, В.П.Кручко, Г.Э.Казлоўская, пазней Т.В.Віцько, А.В.Шэмет, І.М.Бароўская, Т.І.Лапіцкая, І.П.Рамановіч, Т.А.Франевіч.

 Больш дзесяці гадоў школай кіравала Русак Жанэта Мікалаеўна. Яе змянілі Спірына Алена Генадзьеўна, праз два гады Шымановіч Ірына Ігнацьеўна, з 2018 па 2023 год школу ўзначальвала Бабейкіна Дар’я Мікалаеўна, з 2024 - Бець Кацярына Васільеўна.

Зараз школа мае статус дзяржаўнай установы адукайцыі “Зенькавіцкая базавая школа імя А.І.Якімовіча Уздзенскага раёна”.